Bible

Upgrade

Your Church Presentations in Minutes

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

1 Samuel 14

:
Belarusian - ББЧ
1 Аднаго дня сын Саўла Ёнатан сказаў свайму паслугачу: «Хадзем, падыдзем да варты філістынцаў, якая там, насупраць». А бацьку свайму не сказаў аб гэтым.
2 Саўл тады сядзеў каля мяжы Габы пад дрэвам граната, што было ў Магроне, а пры ім быў народ, каля шасцісот чалавек.
3 І Ахія, сын Ахітуба, брата Іхабода, сына Пінхаса, які нарадзіўся ад Гэлі, святара Госпада ў Сіло, насіў тады эфод. Але і народ не ведаў, што Ёнатан пайшоў.
4 А паміж узвышшамі, якія хацеў прайсці Ёнатан, каб дабрацца да варты філістынцаў, тут і там, на адным і другім баку былі грабяні скал, адна называлася Басэс, а другая Сэнэ;
5 адна скала ўзнімалася на поўначы насупраць Міхмаса, а другая на поўдні насупраць Габы.
6 А Ёнатан сказаў свайму маладому збраяносцу: «Хадзем, падыдзем да варты гэтых неабрэзаных, можа, Госпад дапаможа нам: бо Госпаду не цяжка ратаваць праз многіх ці праз некалькіх».
7 І збраяносец яго сказаў яму: «Рабі ўсё, што падабаецца душы тваёй. Ідзі, куды хочаш; я буду з табою, дзе пажадаеш».
8 І кажа Ёнатан: «Вось, мы падыдзем да гэтых людзей. І калі пакажамся ім,
9 то, калі яны скажуць нам вось так: “Стойце, пакуль мы падыдзем да вас” будзем стаяць на сваім месцы і не будзем падыходзіць да іх,
10 а калі яны скажуць: “Хадзіце да нас”, то пойдзем, бо выдаў іх Госпад у нашы рукі; гэта будзе нам знакам».
11 І паказаліся яны абодва варце філістынцаў. І сказалі філістынцы: «Бач, гебраі выходзяць з пячор, у якіх яны хаваліся».
12 І людзі з варты звярнуліся да Ёнатана і да збраяносца яго, і казалі: «Хадзіце да нас, скажам вам нешта». І сказаў Ёнатан збраяносцу свайму: «Ідзі за мною, бо Госпад аддаў іх у рукі Ізраэля».
13 А ўзлазіў Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец яго за ім; падалі філістынцы перад Ёнатанам, і збраяносец яго забіваў іх, ідучы за ім.
14 І быў гэта першы ўдар, калі Ёнатан і збраяносец яго забілі каля дваццаці чалавек амаль на палове палетка, які пара валоў за дзень узарэ.
15 Тады ахапіў страх лагер у палях; але і ўвесь народ варты іх, і тыя, хто ішоў, каб рабаваць, аслупянелі; і задрыжэла зямля, і страх быў учынены Богам.
16 І вартаўнікі Саўла, якія былі ў Габе Бэньяміна, назіралі; і вось, мноства людзей кідаліся туды і сюды, разбягаючыся.
17 І Саўл загадаў людзям, што з ім былі: «Праверце і паглядзіце, каго ў нас не хапае?» І калі праверылі, убачылі, што няма Ёнатана і яго збраяносца.
18 І сказаў Саўл Ахіі: «Прынясі эфод». Бо ён насіў эфод у той дзень перад абліччам сыноў Ізраэля.
19 І калі Саўл размаўляў са святаром, у лагеры філістынцаў замяшанне яшчэ больш узрастала; і патроху павялічвалася, і давала больш ясны водгук. І сказаў Саўл святару: «Апусці руку сваю».
20 І сабраліся Саўл і ўсе людзі, якія былі з ім, і пайшлі аж да месца бою. І вось, там меч кожнага быў звернуты супраць блізкага свайго; замяшанне было вельмі вялікае.
21 Але і гебраі, якія былі з філістынцамі і ўчора, і заўчора і прыйшлі з імі ў лагер, папераходзілі і яны да ізраэльцаў, якія былі з Саўлам і Ёнатанам.
22 Таксама ўсе ізраэльцы, якія хаваліся на гары Эфраіма, чуючы, што філістынцы ўцякаюць, самі далучыліся да сваіх у баі.
23 І збавіў Госпад у той дзень Ізраэль, а бой ішоў аж да Бэт-Авэна.
24 І былі ізраэльцы надта змучаныя ў той дзень; а Саўл прывёў народ да прысягі, кажучы: «Хай будзе пракляты той чалавек, які будзе есці хлеб перад вечарам, пакуль я не адпомшчу сваім ворагам!» І ўвесь народ не спажываў ежы.
25 І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у лес, у якім быў мёд на паляне.
26 І народ увайшоў у лес, і з’явіўся цякучы мёд. І ніхто не паднёс яго рукой да вуснаў сваіх; бо баяўся народ прысягі.
27 Ёнатан жа не чуў, як бацька яго звязаў народ прысягай, і працягнуў ён канец палкі, якую меў у руцэ, і абмакнуў у пласце мёду, і паднёс да вуснаў рукою сваёю, і вочы яго праяснелі.
28 І сказаў яму тады адзін з народа, адказваючы: «Бацька твой звязаў прысягаю народ, кажучы: “Пракляты, хто сёння пакаштуе хлеба! Хоць народ быў вельмі змучаны”».
29 І Ёнатан сказаў: «Замучыў бацька мой зямлю! Бачыце, як праяснелі вочы мае, калі я крыху пакаштаваў гэтага мёду;
30 тым больш, калі б народ падсілкаваўся сёння са здабычы ворагаў сваіх, якую здабыў, напэўна, большым быў бы ўдар па філістынцах».
31 Такім чынам, у той дзень білі яны філістынцаў ад Міхмаса аж да Аялона, а народ быў вельмі змучаны.
32 І кінуўся народ на здабычу, і набраў авечак, валоў і цялят, і рэзалі іх на зямлі, і елі разам з крывёю.
33 І паведамілі аб гэтым Саўлу: «Народ грашыць перад Госпадам, ядучы з крывёю». Ён адказаў: «Дапусціліся вы ліхоты. Прыкаціце сюды да мяне вялікі камень».
34 І сказаў Саўл: «Разыдзіцеся між людзей і скажыце ім: хай прывядзе да мяне кожны вала свайго і барана, і забіце яго на гэтым камені і ежце; і не грашыце перад Госпадам, ядучы разам з крывёю». Такім чынам, увесь народ прыводзіў, што меў у сваёй руцэ ў тую ноч, і забівалі там.
35 А потым Саўл збудаваў ахвярнік Госпаду; гэта быў першы ахвярнік, які ён збудаваў Госпаду.
36 І сказаў Саўл: «Нападзём на філістынцаў ноччу, і, пакуль развіднее, знішчым іх, і не пакінем з іх аніводнага чалавека». І народ сказаў: «Усё, што добрым здаецца ў вачах тваіх, рабі». І святар сказаў: «Прыступім тут да Бога».
37 Тады Саўл пытаўся ў Бога: «Ці ісці ў пагоню за філістынцамі? Ці аддасі Ты іх у рукі Ізраэля?» Але Ён не адказаў яму ў той дзень.
38 І сказаў Саўл: «Збярыцеся сюды ўсе кіраўнікі народа і заўважце, праз каго здарыўся грэх гэты сёння.
39 Бо жыве Госпад, Збаўца Ізраэля, калі і праз Ёнатана, сына майго, сталася гэта, хай памрэ». На гэта ніхто з усяго народа не запярэчыў яму.
40 І сказаў ён усяму Ізраэлю: «Вы станьце на адзін бок, а я з Ёнатанам, сынам маім, на другі». Адказаў народ Саўлу: «Што добрым здаецца ў вачах тваіх рабі».
41 І запытаўся Саўл у Госпада, Бога Ізраэля: «Чаму не адказаў Ты паслугачу свайму сёння? Госпадзе, Божа Ізраэля, дай сведчанне: калі ёсць гэтая правіннасць у народзе Тваім Ізраэлі, дай урым». І выкрыты былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў збаўлены.
42 І Саўл загадаў: «Кідайце жэрабя паміж мною і паміж сынам маім Ёнатанам». І жэрабя выпала на Ёнатана.
43 А Саўл спытаўся ў Ёнатана: «Скажы мне, што ты зрабіў?» І Ёнатан адказаў яму і сказаў: «Я пакаштаваў, каштуючы канцом палкі, якую трымаў у руцэ, крыху мёду, і за гэта я мушу памерці».
44 І Саўл сказаў: «Хай гэта зробіць мне Бог і гэта дадасць, калі ты не памрэш, Ёнатан».
45 І народ звярнуўся да Саўла: «Ці ж мусіць памерці Ёнатан, які даў такое вялікае збаўленне Ізраэлю? Гэта несправядліва; жыве Госпад, не ўпадзе на зямлю волас з яго галавы, бо ён сёння дзейнічаў з Богам». Так народ вызваліў Ёнатана ад смерці.
46 І не гнаўся Саўл за філістынцамі, і не пераследаваў іх; філістынцы вярнуліся ў свае сядзібы.
47 А Саўл, умацаваўшы сваё цараванне над Ізраэлем, ваяваў наўкола з усімі сваімі ворагамі: з Маабам, і з сынамі Амона, і з Эдомам, і з царамі Собы і з філістынцамі; і куды б толькі ён ні павяртаўся, усюды перамагаў.
48 Ён мужна змагаўся, і пабіў Амалека, і выратаваў Ізраэль з рук тых, што нішчылі яго.
49 А Саўл меў сыноў: Ёнатана, Ішві і Мэльхісуа. Імёны дзвюх дачок яго: імя старэйшай Мэраб, а імя малодшай Міхол.
50 А імя жонкі Саўла Ахінаам, яна была дачкою Ахімааса. Імя ж кіраўніка войска яго Абнэр, ён быў сынам Нэра, дзядзькі Саўла.
51 А Кіс быў бацькам Саўла, а Нэр быў бацькам Абнэра, і былі яны сынамі Абіэля.
52 І ва ўсе дні Саўла ішла зацятая вайна з філістынцамі; калі бачыў Саўл якога-небудзь мужнага чалавека і здатнага да бою, забіраў яго да сябе.